top of page

20 нечаканых фактаў пра Івана Шамякіна

1) Трымаў у шуфлядзе стала пісталет:

«Сядзелі на ўрачыстым вечары 70-годзьдзя БДУ з Іванам Чыгрынавым. Закранулі тэму, што рабуюць кватэры. Я кажу: „Пісталет трэба мець“. Іван адказвае: „Не хачу пісталета... Яшчэ застрэлісься“. Скаланула мяне. Няўжо чалавек думае пра такі канец? У мяне вось ён, пісталет, пад рукой, у шуфлядзе стала. Але ў мяне ніколі не зьявілася такая страшная думка — ні ў якія хвіліны роспачы, гора, болю».

 

2) Адзін з першых сярод беларускіх пісьменьнікаў, хто падтрымаў зьняволенага Янку Скрыгана:

«...было гэта ў годзе 55-м (...) З далёкай Сыбіры прыйшло ў Саюз пісьменьнікаў пісьмо, пісаў [Янка] Скрыган (...) хораша на роднай мове. (...) я напісаў доўгае (...) пісьмо пра Саюз, пра сяброў маіх, што прыйшлі ў літаратуру пасьля вайны. (...) Скрыган расказваў, неаднойчы (...) як кранула яго маё пісьмо — першае пасьля арышту ад беларускага пісьменьніка»; Пасьля рэабілітацыі, упершыню пабачыўшыся, Янка Скрыган сказаў Івану Шамякіну: «А братачка ты мой! Дай я цябе пацалую. Каб ты ведаў, як я табе ўдзячны, за пісьмо тваё».

 

3) Быў засмучаны русіфікатарскай палітыкай Пятра Машэрава:

«Многа добрага зрабіў гэты чалавек і для эканомікі, і для культуры. Але... Зьнікла ж мова народа — аснова нацыянальнай культуры. Гэтыя пытаньні мы задавалі і тады, гэты боль пёк, і мы крычалі. Казалі Машэраву, і ён нібыта згаджаўся. Але русіфікацыя не спынялася, яна ішла гэтак жа інтэнсіўна (...) Машэраў ніводнага разу (...) ня выступіў па-беларуску (...) як бы дэманстраваў сваю рускасьць. І гэта дзейнічала мацней за любыя пастановы — такі прыклад Першай асобы ў рэспубліцы».

 

4) Захапляўся Амэрыкай, з-за чаго яго «Нью-Ёркскі дзённік» адмовіліся друкаваць у Маскве:

Галоўны рэдактар казала з асуджэньнем: «Иван Петрович, я вас считала партийным писателем»; «...пафас яго [дзёньніка] — захапленьне багацьцем Амэрыкі. Захапленьне да зайздрасьці, да болю, да злоснага асуджэньня: у-у, праклятыя буржуі! Але ўсё роўна захапленьне».

5) У канцы вайны выратаваў польку, якая танула:

«....я, дрэнны плывец, ратаваў у Варце польскую дзяўчыну (...) Нас з полькай, якая так абшчапіла мяне, што скавала, несла на разбураны мост. Адкуль узяўся наш катэр! Наканавана было доўга жыць».

 

6) Радуючыся перамозе над фашыстамі, выпадкова са сваімі таварышамі-зэнітчыкамі спаліў завод.

«Я і зараз помню, як мы радаваліся, як салютавалі з гармат, як у гэтай бязьмежна шчасьлівай сумятні выпадкова падпалілі недалёкі заводзік, які вырабляў штучны шоўк для парахавых мяшкоў. Ён гэтак здорава палаў у цемры начы...»

 

7) Калі быў школьнікам — выкалаў вока Сталіну:

«Неяк на ўроку, па дзіцячай дурасьці я драпнуў цыркулем сшытак і парваў вокладку якраз на воку Сталіна. Сусед па парце, малы даносчык, тут жа сказаў...: „А Іван вока Сталіну выкалаў“. Дырэктар павёў мяне ў настаўніцкую і цэлы ўрок з жахлівай строгасьцю дапытваўся, хто мой бацька, што ён гаворыць дома, хто мае дзяды, хто дзядзькі. Было гэта ў 1935 годзе».

​

8) У дзяцінстве любіў насіць кнігі на галаве, чым раздражняў бацьку:

«...я лоўка навучыўся ладны стус кніг несьці на галаве. Чаму гэта так моцна абурыла бацьку — не магу ўцяміць і цяпер. Доўга ён прыпамінаў мой акрабатычны нумар. «То ж трэба! Усе людзі як людзі, а ён — што шут гарохавы. На галаве кнігі носіць! Шурку дроў узвалі на дурную галаву!».

​

9) Быў поўнай супрацьлегласьцю свайму бацьку:

«Мне ніколі не была ўласьціва бацькава суровасьць, яго зласьлівасьць»; «Моцна ён ганяў усю сям’ю, каб рабілі як можна больш. Усе мы былі гультаямі — у яго разуменьні. (...) калі я падрос і пачаў прыглядацца больш (...), то прыйшоў да высновы, што сам бацька ня вельмі любіў цяжкую працу (...). Даручаў маці араць ці нам, дзецям, касіць, а сам у цяньку соладка спаў».

​

 

10) Не прымаў гвалту ў сям’і:

«Я — увесь у маці, у яе быў надзіва мяккі характар. Сварлівасьць матак некаторых маіх сяброў непрыемна ўражвала (...). Калі яна часам і сьцёбала нас ручніком, — іншай зброі экзэкуцыі не прызнавала — то ад гэтага (...) хацелася не плакаць, а сьмяяцца. Плакалі мы наўзнарок, каб маці лягчэй стала, хутчэй адышло яе сэрца. (...) Паплачам — і маці тут жа шкадавала нас, намазвала скібкі хлеба маслам ці давала па дробку цукру».

​

 

11) Калі быў школьнікам, то закахаўся ў настаўніцу расейскай мовы. Настаўніца любіла яго дражніць сваім хараством:

«Закахаўся ў казачна прыгожую яўрэйку Лідзію Маркаўну. (...) Даючы дыктант (...), спынялася каля мяне, і ад яе блізкасьці, ад водару духоў у мяне так кружылася галава, што расплываліся літары, я прапускаў у дыктанце словы, рабіў грубыя памылкі, ставіў кляксы. Вопытная жанчына забаўлялася захапленьнем хлапчука».

​

12) Не любіў уступаць у спрэчкі і дыскусіі, каб нікога не пакрыўдзіць:

Па ўспамінах дачкі Тацьцяны: «Шамякін вызначаўся выключнай талерантнасьцю, цярпімасьцю да чужых густаў, поглядаў (...) Часта назірала: Андрэй Макаёнак нешта даводзіў яму, як заўсёды, горача і пафасна, — Шамякін маўчаў. А калі сябра адыходзіў, бацька пра тое ж гаварыў зусім іншае. «Чаму ж ты самому Андрэю Ягоравічу пра гэта не сказаў?» — са зьдзіўленьнем пыталі мы яго. — «Не хацеў крыўдзіць».

​

13) Быў занепакоены вынікамі рэфэрэндуму 1995 году:

«Вялікая руская мова, якую ў Беларусі ўсе ведаюць, паступова пачынае „выціскаць“ беларускую (...) пры паглыбленьні сувязяў у рамках Саюзу Беларусі і Расеі — баюся руская мова зусім выцесьніць нашу родную беларускую. [Гэта] ненармальна. Бо загіне мова — загіне народ. Зьнікне нацыя!».

​

 

14) Вельмі кепска кіраваў машынай:

«У 1954 годзе я атрымаў правы, па сутнасьці, ня ўмеючы вадзіць машыну, атрымаў залік «па блату», экзамэнатару, старшаму лейтэнанту — жанчыне вельмі спадабалася «Глыбокая плынь». Пагаварылі пра раман — і езьдзі на здароўе (...) Які я быў вадзіцель — сьведчыць такая дэталь. (...) Мікола Нагнібеда ўзяўся паказаць нам з Машай Адэсу. Паказаў. Ехалі — маўчаў. А вярнуліся ў Дом творчасьці — выцер пот з ілба і сказаў: «Больш я з табой не паеду. У вайну столькі стрэсавых сытуацый ня меў».

​

15) Абураўся абыякавасьцю беларускіх тэатральных рэжысэраў да нацыянальнай драматургіі:

«У кожнага тэатра ёсьць плян колькасьці пастановак. Але ёсьць творчая свабода — што ставіць. Па традыцыі, якая склалася, гэта свабода аднаго чалавека — галоўнага рэжысэра. І свабода такая зручная для кіраўнікоў органаў культуры. Яна пазбаўляе іх ад клопатаў за тэматычны плян хаця б у той меры, як клапоцяцца пра яго ў выдавецтвах і ў апошні час у кіно. Хто зробіць папрок за пастаноўку Шэксьпіра, Мальера, Гогаля, Астроўскага? Ніхто. Наадварот, пахваляць, калі спэктакль удасца. І ўсім добра. (...) Ах, вам трэба сучаснасьць? І начальству трэба сучаснасьць? Калі ласка. Ёсьць пяць модных п'ес, пастаўленых на маскоўскіх сцэнах. Паставім і мы Арбузава, Розава, Гельмана, навошта рызыкаваць і ставіць п'есу мясцовага аўтара? Добра, калі добра, а калі не? Тут могуць даць па шапцы.».

​

16) Дапамог Васілю Быкаву апублікаваць у «Полымі» «Сотнікава» і пераехаць з Горадні ў Менск:

«Я двойчы падтрымаў яго. Першы раз на рэдкалегіі «Полымя» пры абмеркаваньні «Сотнікава». Галоўны рэдактар страхаваўся... Я — за «Сотнікава». [Рэдактара] гэта супакоіла: першы сакратар СП — за, няхай адказвае. Другі выпадак больш сур’ёзны. Быкаў прыйшоў да мяне (...): «Хачу пераехаць з Горадні ў Менск. Як з кватэрай? (...)» Ці ня ў той жа дзень я наведаў (...) Аляксандра Кузьміна (...) Сакратар ЦК зрэагаваў адмоўна: «А на храна табе Быкаў тут? Няхай сядзіць у Гродні» (...). Выкарыстаўшы выпадак, я [разам з Макаёнкам] сказаў просьбу пераехаць [Пятру Машэраву]: «А трэба?». Андрэй умеў знаходзіць пераканаўчыя аргумэнты: «Не паселім мы — забярэ Масква. Твардоўскі кватэру выб’е. І будзе адным дысыдэнтам больш...» «Вы маеце рацыю», — і званок Кузьміну.

​

​

17) Адзін зь першых, хто ў савецкай пасьляваеннай прозе выявіў у літаратуры (раман «Петраград-Брэст») вобраз Льва Троцкага.

Па ўспамінах кансультанта па беларускай літаратуры пры СП СССР Валянціны Шчадрыной, многія расейскія пісьменьнікі зайздросьцілі, што менавіта беларус першым напісаў пра Троцкага.

​

18) Меў супярэчлівае стаўленьне да працэсаў Адраджэньня, якія адбываліся напачатку 90-х і да нацыянальнай сымболікі:

«Супярэчлівае ў мяне стаўленьне да поўнай незалежнасьці Беларусі — да пэрспэктываў гэтай незалежнасьці, тых, якія рысуюць Пазьняк і Трусаў. Шчыры беларус, я — за незалежнасьць. Але калі яны выступаюць і супраць эканамічнага саюзу — гэта самагубства. Не пражывём мы адны!»; «[Бел-чырвона-белы] сьцяг я прыняў. Герб прыняць не магу. Серп, молат і калосьсе — гэта дрэнна? А недарэчны коньнік са шчытом і мячом — добра? За кім ён гоніцца? Ніхто толкам ня вытлумачыць гэтую сымболіку для нашага часу. Для літоўскіх князёў — яна была да месца (...) Не апраўдваю задзірыстасьць маскоўскіх князёў. Але літоўскія былі ня лепшыя...».

​

19) Дастаткова самакрытычна ставіўся да сябе і сваёй творчасьці:

«Не хапала ў мяне мудрасьці „пісаць у стол“. Я сьпяшаўся ўсё апублікаваць, што выходзіла з-пад пяра. І яшчэ адно... Не без уплыву Андрэя [Макаёнка], я ў мысьлях сваіх, у размовах за чаркай займаў апазыцыйную лінію да афіцыйнай ідэалёгіі, асабліва брэжнеўскага часу (...) Але ў сваёй дзейнасьці партыйнага прапагандыста — ня буду крывіць душой — я ўсё ж быў зашораным артадоксам, гэткім жа, як і Машэраў (...) У гэтым трагедыя не аднаго яго — мільёнаў. І мая. Я лічыў, што сваёй творчасьцю памагаю партыі ў выхаваньні новага чалавека. На жаль, мы яго ўяўлялі такім жа зашораным, гэтага чалавека».

​

20) Лічыў, што на магілах творцаў павінны стаяць не скульптурныя партрэты, а паэтычныя сымбалі:

«Па-мойму, на магілах павінны быць не постаці пісьменьнікаў, мастакоў, а сымбалі, якія выражалі б сутнасьць іх творчасьці. Скульптурныя партрэты могуць ставіць звычайным людзям, якія пакінулі толькі прадаўжэньне роду свайго».

​

© 2023 ПОЭТ ЭД МИЛЛЕР. Сайт создан на Wix.com

  • Белая иконка facebook
  • Иконка Twitter с прозрачным фоном
  • белая иконка youtube
bottom of page